помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Засн. ў 1630 М.Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вул. М.Багдановіча) пры драўлянай царкве (вядома з 15 ст., знішчана ў 1656, адноўлена ў 2-й пал. 17 ст.). Фасады і інтэр’еры драўлянай царквы св. Тройцы ў 17—18 ст. былі аздоблены аптычным (ілюзорным) жывапісам. У 1799—1800 на месцы старога драўлянага будынка манастыра ўзведзены новы — мураваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер): 2-павярховы П-падобны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны гал. фасад падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны 3 рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Інтэр’еры ўпрыгожаны насценнай размалёўкай (не захавалася). Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай агароджай з брамай-званіцай. Пасля пажару 1809 манастырскі будынак адноўлены (арх. М.Чахоўскі), з У да яго прыбудавана галерэя. У 1834 манастыр закрыты, будынак прыстасаваны пад шпіталь гар. бальніцы, у 1840-я г. рэканструяваны (арх. К.Хршчановіч). Рэканструяваўся ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. (надбудаваны 3-і паверх). Цяпер у ім корпус 2-й гар. клінічнай бальніцы.
У.М.Дзянісаў.
Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак. Галоўны фасад. Чарцёж.